Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка
Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка

15 апрель 2019

Ганарымся пераможцамі конкурсу студэнцкіх лабараторый!

15 красавіка 2019 года адбыўся конкурс “Лепшая студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя”, у якім філфакаўцы занялі ІІ месца.

Мерапрыемства ўрачыста адкрыла прарэктар па навуковай рабоце Ганна Васільеўна Торхава.

У конкурсе прынялі ўдзел пятнаццаць СНДЛ універсітэта. Філалагічны факультэт годна прадставіла СНДЛ “Сродкі выражэння экспрэсіўнасці ў мове і маўленні” (навуковы кіраўнік – дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Наталля Пятроўна Лобань).

З мультымедыйнай прэзентацыяй вынікаў сваёй працы перад журы, канкурсантамі і групамі падтрымкі выступілі члены лабараторыі студэнткі 4-га курса Алена Рагілевіч, Уладзіслава Кабушка і Лізавета Тумар.

Усе яны – пастаянныя ўдзельнікі міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый, міжнародных круглых сталоў і семінараў. Пра поспехі ў навуцы сведчаць шматлікія публікацыі, сярод якіх ёсць і артыкулы ў замежных выданнях (Прага, Вільнюс), у выданнях, уключаных у пералік ВАК (часопіс “Роднае слова”).

У рамках лабараторыі распрацоўваецца навуковае даследаванне “Канатонімы з нацыянальна-культурным кампанентам у беларускіх мастацкіх тэкстах” Алены Рагілевіч, якое перамагло ў конкурсе грантаў Міністэрства адукацыі на 2019 год.

Лепшыя навуковыя даследаванні лабараторыі амаль штогод удзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў ВНУ і атрымліваюць дыпломы 2 і 3 катэгорыі. У 2017 годзе ІІ катогорыя прысуджана рабоце старшыні – Алены Рагілевіч. Варта сказаць, што Алена з тых студэнтаў, якімі можа ганарыцца не толькі лабараторыя, але і факультэт, універсітэт у цэлым. Яна – уладальніца стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераможца мінулагодняга конкурсу “Лепшы студэнт у намінацыі навукова-даследчая дзейнасць”, аўтар 15 навуковых артыкулаў, старшыня факультэцкага і намеснік старшыні Савета Студэнцкага навуковага таварыства БДПУ.

У ліку іншых дасягненняў удзельніцы конкурсу расказалі пра некалькі ўжо рэалізаваных цікавых навуковых праектаў: “Слоўнік канатацыйных онімаў беларускай мовы”, “Слоўнік неафіцыйных мікратапонімаў горада Мінска”, “Слоўнік канатацыйнай лексікі беларускай мовы”, “Навучальна-метадычныя комплексы па арфаграфіі і арфаэпіі беларускай мовы”.

Прэзентацыя завяршылася эмацыйным прызнаннем дзяўчат: “Навука і вопыт – гэта школа, у якой урокі каштуюць дарагога, і такой школай для нас стала наша лабараторыя. Тут мы зразумелі: чым больш ведаеш, тым больш можаш! Шлях навукі складаны, цярністы, але, нягледзячы на гэта, менавіта навука з’яўляецца самай лепшай, трывалай, самай светлай апорай у жыцці”.

         Віншуем удзельнікаў лабараторыі і навуковага кіраўніка!

         Поспехаў і навуковага плёну!

Фотогалерея

К следующим новостям