Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка
Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка

13 сентябрь 2018

“ХІ Танкаўскія чытанні” пройдуць у БДПУ

20–21 верасня 2018 года на філалагічным факультэце БДПУ пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя “Танкаўскія чытанні”. Традыцыйны для нашага ўніверсітэта навуковы форум у гэтым годзе пройдзе ў чарговы, адзінаццаты раз, і будзе прысвечаны Году малой радзімы.

У канферэнцыі прымуць удзел каля 120 гуманітарыяў з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, Гомеля, Брэста, Гродна, Віцебска, супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, бібліятэкары, радыёвядучыя. Беларускія даследчыкі, а таксама вядучыя навукоўцы з Польшчы, Расіі, Кітая, Літвы і Украіны збяруцца, каб абмеркаваць актуальныя пытанні літаратуразнаўства, мовазнаўства, прыватных методык і культуралогіі.

У межах канферэнцыі плануецца праца сямі секцый:

  • “Творчасць Максіма Танка: нацыянальны, еўрапейскі, сусветны кантэкст”;
  • “Беларуская і сусветная літаратура на мяжы тысячагоддзяў: традыцыі і перспектывы”;
  • “Літаратура ў сучаснай мультыкультурнай і інфармацыйнай прасторы”;
  • “Нацыянальныя мовы ў гістарычна-культурным працэсе”;
  • “Нацыянальныя мовы: сістэма і функцыянаванне”;
  • “Нацыянальна-культурны, літаратуразнаўчы і лінгвістычны кампаненты сучаснай адукацыйнай прасторы”;
  • “Праблемы сучаснага  літаратуразнаўства і мовазнаўства ў работах маладых даследчыкаў”.

У “ХІ Танкаўскіх чытаннях” прымуць удзел студэнты, што працуюць у складзе СНДЛ факультэта. Удзел у канферэнцыі міжнароднага ўзроўню стане для іх добрым стымулам для навуковага і асобаснага развіцця.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў канферэнцыі адбудзецца 20 верасня 2018 года з 8.30 да 10.00, БДПУ, корпус 1, аўд. 482 (вул. Савецкая, 18).

К следующим новостям