18 сентябрь 2026
НА ФІЛАЛАГІЧНЫМ ФАКУЛЬТЭЦЕ БДПУ АДБЫЎСЯ МІЖНАРОДНЫ ФОРУМ «XV ТАНКАЎСКІЯ ЧЫТАННІ»
18 верасня 2026 года Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка стаў пляцоўкай для юбілейнай Міжнароднай навуковай канферэнцыі «XV Танкаўскія чытанні». Сёлетні форум быў прысвечаны Году беларускай жанчыны. У ім прынялі ўдзел даследчыкі, выкладчыкі, настаўнікі і маладыя навукоўцы з 6-ці краін.
Адкрыццё канферэнцыі суправаджалася прывітаннямі прарэктара па навуковай рабоце, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Гюльнары Мансураўны Юсцінскай і дэкана філалагічнага факультэта, доктара філалагічных навук, прафесара Васіля Дзянісавіча Старычонка.
Народны літаратурны тэатр «Жывое слова» прадставіў літаратурна-музычную кампазіцыю «Кірункі свету...» па матывах творчасці народнага паэта, імя якога носіць вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны.
На пленарным пасяджэнні выступілі як беларускія, так і замежныя навукоўцы і настаўнікі: Васіль Дзянісавіч Старычонак, Марына Іванаўна Солнышкіна (Казанскі федэральны ўніверсітэт), Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч, Ірына Пятроўна Кудраватых, Тамара Мікалаеўна Тарасава, Ірына Віктараўна Моніч. Дакладчыкі закранулі розныя грані асэнсавання дзейнасці Максіма Танка і актуальныя пытанні сучаснай філалогіі.
Пасля перапынку ўдзельнікі працавалі ў дзесяці секцыях. Тэматыка была шырокай: ад нацыянальнага і сусветнага кантэксту творчасці Максіма Танка да беларускай і замежнай літаратур на мяжы тысячагоддзяў, ад літаратуразнаўчых і лінгвістычных даследаванняў да моўнай і міжкультурнай камунікацыі, ад нацыянальна-культурных кампанентаў адукацыйнай прасторы да функцыянальнай граматнасці і лічбавых інструментаў навучання... Асаблівая ўвага была нададзена ўвасабленню вобраза жанчыны ў беларускай і сусветнай літаратуры. Асобная дыстанцыйная панэль прысвячалася сучаснай філалогіі Азербайджана.