22 февраль 2019
Паэтычнае свята на філалагічным факультэце
21 лютага ў Дзень роднай мовы на філалагічным факультэце прайшоў конкурс чытальнікаў “Я хаце абавязаны прапіскаю…”.
Конкурс праводзіўся на базе СНДЛ “Сучасны літаратурны працэс у рэцэпцыі будучых настаўнікаў”, якая працуе на кафедры беларускай і замежнай літаратуры. Мерапрыемства прымеркавана адразу да дзвюх юбілейных дат. Першая з іх – 105 год з дня нараджэння Аркадзя Куляшова, былога навучэнца літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута (так у 1930-я гады называўся БДПУ). Юбілей славутага студэнта супаў з юбілеем ВНУ – конкурс чытальнікаў стаў на факультэце першым у ліку святочных падзей, прымеркаваных да 105-га дня нараджэння нашага ўніверсітэта.
Пра гэта прысутным расказала кіраўнік студэнцкай лабараторыі “Сучасны літаратурны працэс у рэцэпцыі будучых настаўнікаў”, намеснік дэкана па навуковай рабоце Наталля Віктараўна Заяц.
Дзякуючы замежным удзельнікам конкурс атрымаў міжнародны статус. Вершы Аркадзя Куляшова ў перакладзе на рускую мову прачыталі кітайскія студэнты Тань Эньцзэ і Фан Інін, якія вучацца па праграме абмену з Паўночна-заходнім педагагічным універсітэтам г.Ланьчжоў. Беларускае паэтычнае слова прагучала і ў выкананні туркменскіх студэнтаў Шатлыка Анагылыджова і Гулнабат Гурбанавай. Падрыхтаваць яркія выступленні гасцям нашай краіны дапамагла намеснік дэкана па рабоце з замежнымі студэнтамі Людміла Аляксандраўна Бяссонава. Дарэчы, некаторыя з выступоўцаў актыўна працуюць у СНДЛ “Лінгвакультуралагічны аспект вывучэння рускай мовы ў ВНУ і школе”, якой кіруе Людміла Аляксандраўна.
Ацэньвала выканаўчае майстэрства студэнтаў 1–4 курсаў журы ў складзе загадчыка кафедры беларускай і замежнай літаратуры Ірыны Мікалаеўны Гоўзіч, дацэнта Таццяны Пятроўны Хоміч, выкладчыка Марыі Сяргееўны Рак і студэнткі 4 курса Вольгі Бадытчык.
У выніку лепшымі выканаўцамі твораў Аркадзя Куляшова сталі:
1 месца – Святлана Калесніковіч (1 курс);
2 месца – Тань Эньцзэ (3 курс);
3 месца – Кацярына Ісаенка (2 курс).
Спецыяльны прыз журы атрымала Кацярына Каляда (2 курс).
Усім удзельнікам конкурсу выдадзены сертыфікаты, а пераможцам – падарункі, за якія вялікі дзякуй памочніку рэктара Д.А.Пацыкайліку і начальніку ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю С.М.Маліноўскай.
Завяршылася мерапрыемства, якое стала сапраўдным святам паэзіі, віншаваннямі дэкана філалагічнага факультэта Васіля Дзянісавіча Старычонка.