26 ноябрь 2016
Прэзентацыя “Лінгвістычнага мікраатласа Тураўшчыны”
Выкладчыкі кафедры беларускага мовазнаўства і студэнты філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у прэзентацыі “Лінгвістычнага мікраатласа Тураўшчыны”, якая адбылася 24 лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Тураў і Тураўшчына займаюць выключнае месца ў гісторыі нашай краіны. Гэта старажытныя плямёны дрыгавічоў, гэта ўсім вядомыя крыжы, гэта Кірыла Тураўскі, гэта культурны цэнтр, упісаны залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі. Палессе неаднаразова станавілася аб’ектам для даследаванняў вучоных, аднак матэрыял, які пакладзены ў аснову выдадзенай кнігі, ахоплівае менавіта адзін з найбольш старажытных рэгіёнаў – Тураўскую зямлю.
“Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны”, адным з аўтараў якога з’яўляецца былы дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ П.А.Міхайлаў, змяшчае ўнікальнае моўнае багацце, сабранае ў населеных пунктах культурна-гістарычнага і прыродна-геаграфічнага рэгіёна Тураўшчыны, і яго праекцыю на картах мікраатласа.
Як падкрэсліў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, гэта яшчэ адзін уклад у скарбонку нацыянальнай беларускай культуры, багацце, без якога мы не можам прэтэндаваць на дастойнае месца ў свеце.
“Чаму мы спыніліся на гэтай тэрыторыі? Таму што гэта адзін з асяродкаў, дзе пачынае фарміравацца наша гістарычная супольнасць. Адсюль фактычна распаўсюджваецца славянства. Гэта ўнікальны выпадак, калі мы можам назіраць прасоўванне моўнага фронту”, – адзначыў адзін з аўтараў атласа Генадзь Апанасавіч Цыхун.
Выступленне Дзмітрыя Васільевіча Дзятко, загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ, было прысвечана абгрунтаванню неабходнасці стварэння падобных выданняў дзеля адукацыйнай сферы і яго важнасці для фундаментальнай навукі.
Да мерапрыемства супрацоўнікамі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі была падрыхтавана выстава "Кніжная экспедыцыя па Палескаму краю. Тураўшчына".