27 март 2023
Слова пра кнігу паэтаў-франтавікоў
24 сакавіка 2023 года на філалагічным факультэце прайшла прэзентацыя 23-га тома “Залатой калекцыі беларускай літаратуры”. У кнігу выдавецтва “Мастацкая літаратура” ўвайшлі творы Аркадзя Куляшова і Аляксея Пысіна.
Жыццёвыя шляхі абодвух аўтараў супалі з франтавымі – у мастацкім набытку, у тым ліку сабраным у новай кнізе, шмат твораў на ваенную тэму. Прадставіла гэты том Таццяна Пятроўна Хоміч, якая зрабіла ўкладанне, падрыхтавала каментарыі і прадмову.
Прэзентацыя грунтоўнага выдання студэнтам груп 310120 і 310220 прайшла ў адмысловым фармаце. Яна папярэднічала лекцыі Наталлі Віктараўны Заяц на тэму “Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны”. Таццяна Пятроўна з’яўляецца аўтарам артыкула “Літаратура часу Вялікай Айчыннай вайны” ў 8-м томе “Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў”. Менавіта гэтай акалічнасцю і быў абумоўлены фармат сустрэчы, якая атрымалася змястоўнай і пазнавальнай.
Укладальніца тома не толькі паразважала пра адметнасць паэзіі Аркадзя Куляшова і Аляксея Пысіна пра вайну, але і пазнаёміла з цікавосткамі выдання: напрыклад, прапанавала параўнаць хрэстаматыйны і ранні, малавядомы, варыянт куляшоўскага верша “Бывай”; зачытала твор, які ніколі не ўключаўся ў выбранае класіка і інш.
Слова Таццяны Пятроўны пра кнігу паэтаў-франтавікоў не пакінула студэнтаў абыякавымі, дазволіла лепш зразумець асаблівасці мастацкага пераасэнсавання драматычнага ваеннага вопыту рознымі аўтарамі.