15 сентябрь 2016
Дзясятыя Танкаўскія чытанні
16 верасня 2016 года на філалагічным факультэце адкрыецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Дзясятыя Танкаўскія чытанні”, прымеркаваная да Года культуры ў Беларусі.
У восеньскім форуме прымуць удзел гуманітарыі з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, Гомеля, Брэста, Гродна, Віцебска, Магілёва, Мазыра, супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У праграме канферэнцыі заяўлены даклады навукоўцаў не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Расіі, Кітая. Усе яны збяруцца, каб абмеркаваць актуальныя пытанні літаратуразнаўства, мовазнаўства, культуралогіі, прыватных методык і адзначыць дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка.
Менавіта восенню,17 верасня 1912 года, на Мядзельшчыне нарадзіўся Яўген Іванавіч Скурко, шырока вядомы пад псеўданімам Максім Танк. У 1995 годзе імя аднаго з найбольш яркіх і самабытных пісьменнікаў, аўтарытэтнага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча прысвоена нашай навучальнай установе. У гэтым жа годзе ўпершыню былі праведзены “Танкаўскія чытанні”. Сёлета яны пройдуць 16 верасня ў дзясяты, юбілейны, раз.
У “Дзясятых Танкаўскіх чытаннях” прымуць удзел студэнты, што займаюцца навукова-даследчыцкай дзейнасцю, працуюць у складзе СНДЛ факультэта. Будзем спадзявацца, выступленне на адной канферэнцыі разам з вядомымі даследчыкамі стане для іх першай прыступкай да навуковых вяршыняў і прафесійнага поспеху.
Н.В. Заяц,
намеснік дэкана па навуковай рабоце
Праграма Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Дзясятыя Танкаўскія чытанні” 